Плачка
Кабета тая незвычайна прыгожая. Вопратка яе — белая, як снег, на галаве — чорны ўбор, і чорная хустка накінута на плечы. Твар хоць і смуглы ад сонца і ветру, але гожы і паглядны, вочы жывыя, і заўсёды блішчаць на іх слёзы. Яна з’яўляецца найчасцей у пакінутых дамах, у пустых касцёлах і на руінах. Бачылі яе таксама пад дрэвамі або пасярод поля. Пасля захаду сонца яна сядае на камені, наракае на лёс жаласным голасам і заліваецца слязьмі. Кажуць, тыя, хто набліжаўся да яе, чулі такія словы: «Няма каму даверыць таямніцу сэрца майго!»
Калі я ехаў з Полацка, на папасе апавядаў мне карчмар, што там блізка ад дарогі, за бярозавым гаем стаіць пустая хата. Ля яе быў адно невялікі вішнёвы садок. Жыў там даўней селянін, якога з усёй радзінаю выслалі паны кудысьці далёка, забраўшы ў яго некалькі кароў і коней.
Ішоў там убогі сляпы, якога вёў маленькі хлопчык. Пачуўшы ў тым доме журботны спеў, яны падумалі. што там ужо нехта жыве. Дык ідуць туды жабраваць. Заходзяць у хату, сляпы заспяваў песню: «О! Спасіцелю, наш Пане».
— Дом без дзвярэй і вакон, ніхто тут не жыве, — сказаў хлопчык сляпому. — Дарэмна толькі звярнулі з дарогі.
Але тут пасярод хаты з’явілася кабета ў жалобнай вопратцы і са смутным тварам.
— Маліцеся! — кажа. — Усюды ёсць Бог, які будзе вам дапамагаць.
Яна кінула жменю срэбраных манет сляпому ў шапку і вокамгненна знікла.
Гэты ўбогі, ходзячы ад хаты да хаты, паказваў тыя грошы, на якіх з аднаго боку былі ваявы каралёў, а з другога — Пагоня.
Непадалёку ад дарогі, калі едзеш на Віцебск, стаіць пустая капліца. Там, пасля захаду сонца, бачылі, што яна плакала, седзячы на парозе, і яе маркотны голас далёка адзываўся.
Рознае думалі людзі пра гэтую Плачку. Адны баяліся, што яна вяшчуе нейкае вялікае няшчасце, вайну, паморак або голад ва ўсім краі.
Па вёсках старыя людзі гаварылі між сабою пра гэтую кабету, заўсёды прадказваючы нешта дрэннае. Некаторыя ж з маладых мелі зусім іншую думку. Яны даводзілі, што там, дзе з’яўляецца Плачка, напэўна, скарб у зямлі. І ўся ваколіца ўпадабала гэтую думку.
На канцы тае вёскі жыў убогі чалавек, які даўней абышоў увесь свет. Вярнуўшыся да свае сям’і, жыў толькі з міласціны. Ён часта паўтараў усім:
— Браты! Слёзы і нараканні гэтае жанчыны абяцаюць вам не золата і срэбра.
Кабета плача на парозе забытае вамі святыні. Вы думаеце толькі пра багацце, а вас чакаюць беднасць і пакуты.
Аднаго дня, пасмяяўшыся са слоў гэтага старога. вырашылі: калі ўсе будуць спаць, ісці туды і выкапаць з зямлі скарб.
Старая капліца была за чатыры вярсты ад вёскі. Дык колькі маладых сялян, узяўшы з сабою струмант, борзда выправіліся туды, каб пачаць свае пошукі раней, чым заспявае першы певень.
Прыйшлі на месца. Змрочны выгляд тае ваколіцы наводзіў на іх неспакой і страх. Непадалёку шумеў густы яловы лес, там маркотна вухала сава, і месяц вельмі рэдка паказваўся з-за чорных хмараў. Капліца, нібы магільны помнік, стаяла на пагорку ў засені бяроз.
Шчыравалі ўсю ноч. Выкапалі глыбокія ямы ў некалькіх мясцінах, але знайшлі толькі спарахнелыя дошкі ды чарапы. Зразумелі, што былі тут калісьці могілкі, хоць і не ацалела на паверхні знакаў, апрача некалькіх ледзь прыкметных абымшэлых камянёў.
Улетку ноч кароткая. Вось ужо на ўсходзе пачынае ружавець ранак. Шукалі дарэмна. Дык засыпалі ямы і вяртаюцца дахаты.
Узыходзіла сонца. Заспяваў у небе жаўрук, і імгла ўжо знікла. Бачаць перад сабою недалёка ад дарогі ля кустоў ляшчыны — стаіць Плачка, тварам на ўсход. У яе руках ветрык матляе яркую стужку, тая трымціць у паветры, як бліскавіца. Толькі адзін з іх сказаў: «Пайшлі смела да яе» — прывід імгненна знік.
На тым месцы, дзе стаяла Плачка, з’явілася на галіне велізарнае асінае гняздо. Жамярыцы, што заляталі і выляталі з гэтага гнязда, снавалі ў ранішніх сонечных прамянях, нібы залатыя іскры.
— Паслухайце мае рады, — сказаў адзін з іх. — Мы абвяжам асінае гняздо хусткаю. Прыйдзем да старога, разбудзім і скажам, што ля капліцы выкапалі скарб і частку ахвяруем яму. А калі ўстане з пасцелі, укінем яму ў вакно асінае гняздо. Няхай ашалее стары.
Усе пагадзіліся. Разбудзілі старога, укінулі ў хату асінае гняздо, а самі, смеючыся, уцяклі.
Дзіва нечуванае! Стары бачыць перад сабою рассыпанае на зямлі золата. І калі ён здзіўлена глядзеў на гэта, кажуць, з’явілася перад ім кабета, тая самая, што плакала на парозе старое капліцы, і сказала:
— Бяры палову гэтага скарбу сабе, а другую — раздай убогім. Бог дапамагае маім пакутным дзецям.
Сказаўшы гэта, яна ўмомант знікла.
У Інфлянтах жа было такое здарэнне. У маёнтку пана М. узвышаліся руіны нейкага старажытнага замка. Кажуць, што ў пракаветныя часы быў там горад, бо цяпер паводка размывае часам пясок і дастае да падмуркаў старажытных камяніц. Там часта знаходзяць шкляныя або ржавыя жалезныя рэчы, што даўней рабілі дзеля аздобы, абломкі зброі, а зрэдчас медныя або срэбныя грошы, што вякамі ляжалі ў зямлі.
Сюды штовечар, пасля захаду сонца, прыходзіла Плачка. Яна вешала на руіны вянкі польных красак, садзілася на камень і, заломваючы рукі, залівалася слязьмі. Не адзін прахожы, чуючы здалёк яе нараканні, смутны вяртаўся дадому і апавядаў пра гэта іншым.
Былі і такія цікаўныя, што, чуючы лямант дзіўнае кабеты, падышлі ў вечаровым змроку да яе і са слоў, якія пачулі, зразумелі, што нейкая нешчаслівая маці плача па сваіх дзецях. Але толькі надумалі ісці да яе і запытацца, хто яна і якая напаткала яе нядоля, ужо больш не бачылі яе і голас не адзываўся да наступнага вечара.
Не зразумеў ніхто, што гэта такое. Цьмяныя здагадкі хадзілі па наваколлі. Усюды гаварылі пра яе толькі як пра дзіўную камету, што з’яўляецца на небе ў выглядзе вогненнае мятлы. Хацелі даведацца, дзе яна жыве і адкуль прыходзіць, але ўсё марна. Нібы які дух, апускалася яна на зямлю і знікала ў паветры.
Кажуць, што і сам пан М. не пярэчыў гэтым дзіўным апавяданням, бо і ён таксама сустрэў яе аднаго разу, вяртаючыся позняй парою дахаты, і чуў, як плакала яна на руінах замка. Не разумеў пан гэтае праявы, аднак, разважаючы, паверыў тым людзям, якія думаюць усё жыццё пра выгоду, хочуць, каб таямнічы дух спяваў ім толькі пра золата і срэбра і паказваў скарбы, схаваныя ў зямлі. Дык паклікаў пан аканома і такі даў яму загад:
— Збірай людзей, і заўтра пачынайце капаць на замкавых руінах. Там у зямлі мусіць быць золата, бо як іначай растлумачыш тую праяву? Пэўна, Плачка хоча паказаць нам нейкія скарбы, якія ўзнагародзяць нас за гэтую працу.
— Я чуў словы тае Плачкі. Яна аплаквала смерць нейкіх нешчаслівых дзяцей, а пра скарбы, схаваныя ў зямлі, і не ўспамінала. Гэтая таямніца нам недаступная.
Мне здаецца, тут нейкае папярэджанне і перасцярога.
— Ты падобны да няясыці ці то да савы, якая страшыць людзей жахлівымі прароцтвамі. Я ні ў што такое не веру і не хачу спрачацца пра гэтую таямніцу. Даўно быў у мяне намер раскапаць руіны. Можа, знойдзем там памяткі старажытнасці, дзеля гэтага не шкада і працы. А калі хто думае, што гэты скарб будзе ў абліччы Плачкі, дык і гэта нядрэнна; што б там ні было, заўтра пачнём раскопкі.
— А калі гэты скарб закляты і вартуюць яго злыя духі, ды немагчыма яго дастаць, бо ён будзе ўсё глыбей і глыбей апускацца ў зямлю, — тады толькі час страцім, а калі і здабудзем што, дык больш будзе бяды, як чаго добрага. Бо я чуў, што недзе дасталі з зямлі зачараваныя скарбы, і калі нехта ўзяў з іх толькі пенязь, таму нейкая хвароба скруціла абедзве рукі.
— Брыдка слухаць. Пляцеш лухту, як дурны мужык. Мне аніякі пенязь не шкодзіць.
— А чаму ж разумныя і багатыя паны пакутуюць ад нуды і хвароб?
— Годзе. Збярэш заўтра людзей і вядзі на руіны. Я сам прыеду і пакажу, дзе пачынаць
Аканом быў з засцянковае шляхты, заможны гаспадар, але верыў у тое самае, што і просты люд; паціснуў ён плячыма і пайшоў выконваць панскі загад.
Яшчэ толькі паказалася сонца, а гурт сялян ужо стаяў на руінах і чакаў каманды. Калі прыехаў пан М., дык загадаў капаць глыбока на тым самым месцы, дзе заўсёды бачылі на камені Плачку.
Дол быў не глыбейшы, чым на паўтара локця. Знайшлі мураваны склеп, дык раскапалі і вакол, каб адкрыць з усіх бакоў засыпаныя зямлёю сцены. Людзі працавалі не адзін дзень. Адпачынак іх быў кароткі: апоўдні, у самую спякоту. Нарэшце знайшлі жалезныя дзверы. З абодвух бакоў гэтага склепа былі маленькія вакенцы, на якіх яшчэ моцна трымаліся жалезныя праржавелыя краты.
Выламалі дзверы і адчынілі гэты склеп, куды стагоддзяў колькі не заглядваў сонечны прамень, — глуха там, бы ў магіле. Заходзяць з агнём. Усіх апанаваў страх: паўсюль — пасярод і ля сцен — у розных паставах ляжаць шкілеты; косці рук і ног яшчэ ў цяжкіх кайданах. Здранцвелі людзі, гледзячы на такі жах.
— Здыміце кайданы з гэтых шкілетаў, — сказаў пан М., — і прывязіце мне. Варта захаваць гэтыя памяткі мінуўшчыны.
Завезлі кайданы пану. Ён, паказваючы іх гасцям і сваім суседзям, ганарыўся, што такія старажытныя рэчы здабыў з зямлі, хоць з выгляду яны былі зусім падобныя да цяперашніх.
Косці нябожчыкавыя людзі сабралі, пахавалі ў адной магіле на бліжэйшых могілках, запрасілі святара і з набажэнствам паставілі велізарны драўляны крыж.
Кажуць, што ў той самы вечар з’явілася Плачка ў сваім звычайным жалобным уборы, аздобіла магілу кветкамі і, укленчыўшы перад драўляным крыжам, тварыла малітвы, заліваючыся слязьмі. Людзі бачылі гэта, але ніхто не падышоў да яе. Паглядаючы здалёк, яны адмаўлялі «Вечны супакой» за душы памерлых.
Яшчэ колькі вечароў Плачка малілася, пасыпала магілу кветкамі, але цяпер ужо яе ніхто не бачыў.
На беразе Палаты, за пяць вёрст ад горада, дзе гэтая рэчка мінае бары і набліжаецца праз абшары палеткаў да Дзвіны, з’явілася тая самая Плачка. Бачылі яе на пагорку, таксама пры захадзе сонца. Яна сядала на камень, які там ляжаў у засені разложыстых бяроз. Бачылі яе сяляне, ідучы дахаты пасля дзённае працы, і падарожныя, што вярталіся з горада ўвечары.
Разышлася вестка пра гэтую праяву. Людзі, так як і ўсюды, мелі розныя меркаванні, але большасць трымалася тае думкі, што там ляжаць закапаныя ў зямлі скарбы. У Полацку асобныя казалі, што ваколіцы іх горада і даўней вельмі часта былі тэатрам вайны. Засталася легенда, быццам частка нейкага войска, зразумеўшы трагічнасць свайго становішча і баючыся, каб іх багацце не дасталося непрыяцелю, закапала золата і срэбра, якое мела пры сабе, на тым пагорку ў зямлю, паклала наверх дзікі камень, каб пазначыць гэтае месца, калі хто з іх вернецца шукаць схаваны там скарб. Але прайшлі стагоддзі, той камень ляжаў на тым самым месцы, а пад ім — некрануты скарб.
Чуючы такія размовы, некалькі юнакоў, што жылі ў Полацку, дамовіліся пайсці ноччу на той пагорак, дастаць скарб і падзяліць яго між сабою. Узялі патрэбны струмант і, калі ўсе спалі, выйшлі за горад.
